Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 лютага 1734 Нясьвіж, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | 21 лістапада 1790 (56 гадоў) Белая, Вялікае Княства Літоўскае |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх |
Жонка | Марыя Караліна зь Любамірскіх (развод), Тэрэза Караліна з Жавускіх (без нашчадкаў) |
Дзеці | не было |
Дзейнасьць | палітык |
Ка́раль Стані́слаў Радзіві́л (мянушка «Пане Каханку»; 27 лютага 1734, Нясьвіж — 21 лістапада 1790, Белая) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1752) і мечнік вялікі літоўскі (1752—1762), ваявода віленскі (1762—1764, 1768—1790).
Караль Станіслаў Радзівіл быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII ст. і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Ягоная лятыфундыя ахоплівала 16 местаў і 683 вёскі, а вакол асобы князя вілося шмат легендаў. Быў старостам львоўскім. X ардынат на Нясьвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Міхала Казімера «Рыбанькі», ваяводы віленскага, і Францішкі Ўршулі зь Вішнявецкіх.
Навучаўся ў Нясьвіскім езуіцкім калегіюме. У 1742 годзе атрымаў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску Вялікага Княства Літоўскага[1]. У 1752 годзе атрымаў урады падчашага і мечніка вялікага літоўскага, у 1762 годзе — ваяводы віленскага. 3 жніўня 1757 году атрымаў ордэн Белага арла.
Вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» паводле свайго ўлюбёнага зварота да ўсіх, не вылучаючы і пагарджанага караля — «худапахолка», а таксама дзеля адрозьненьня ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719).
Выступаў супраць партыі Чартарыйскіх. На чале сваіх надворных войскаў уступіў у бойку з расейцамі пад Слонімам, але пацярпеў паразу і мусіў ратавацца ў Малдове, пазьней выехаў у Вугоршчыну і Саксонію[2]. У часе знаходжаньня ў Дрэздэне да яго прыйшла вестка пра адабраньне ўраду ваяводы і сэквэстраваньня маёнткаў.
Дзякуючы намаганьням расейскага амбасадара Мікалая Рапніна, вярнуўся ў краіну і стаў у 1767 годзе генэральным маршалкам Радамскай канфэдэрацыі. Выказаўшы прысягу на вернасьць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, атрымаў назад усе страчаныя ўладаньні.
У 1768 годзе выступіў супраціўнікам гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расейскім пратэктаратам, і стаў генэральным маршалкам Барскай канфэдэрацыі. Калі расейскія войскі з баямі ўзялі Нясьвіж і Слуцак, мусіў зьехаць у Прусію. Да 1777 году знаходзіўся на эміграцыі ў Вугоршчыне, Турэччыне, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Вэнэцыі. У часе Чатырохгадовага Сойму быў адным з найвыразьнейшых супраціўнікаў рэформаў, караля і партыі Чартарыйскіх. Сфармаваў полк, які перадаў у склад войскаў Вялікага Княства Літоўскага.
Трымаў тэатар і аркестар у Нясьвіжы. Запарасіў зь Нямеччыны кампазытара Яна Давіда Голанда бесьперапынна працаваць у капэле Радзівілаў. Збудаваў летнюю рэзыдэнцыю ў Альбе, аднавіў палац у Слуцку.
Сьпярша ажаніўся з Марыяй Каралінай Любамірскай, потым — з Тэрэзай Каралінай Жавускай. Нашчадкаў не пакінуў.
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Варта адзначыць, што вобраз Караля Станіслава II Радзівіла ў літаратуры і ў аповядах экскурсаводаў падаецца аднабока, нават скажона, далёкім ад гістарычнай праўды[3].
З аднаго боку ён быў прадстаўлены як адзін з найбольшых п’яніцаў і гулякаў Саскай эпохі[4], а зь іншага — як прыклад шляхетнасьці, самарытанства і патрыятызму. Невымерна багаты і ўплывовы, здабыў сябе сярод шляхты велічэзную папулярнасьць дзякуючы шчодрасьці, сармацкім звычаям, схільнасьці да гутарак і жартаў, зь іншага боку, вядомы быў дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасьцю.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Караль Станіслаў Радзівіл быў правобразам стольніка Гарэшкі ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
- Стваральнікі і асноўныя прадстаўнікі рамантычнай літаратуры — Г. Жавускі і В. Поль, а потым І. Ходзька і Ю. Крашэўскі — стварылі велізарную галерэю твораў, у якіх галоўным героем быў князь і ягоныя прыгоды.
- Вядомы ўласнымі несамавітымі аповедамі, якія пераўзыходзяць сваімі фантазіямі нават барона Мюнхаўзэна. Напрыклад, распавядаў пра трапленьне ў гармату, такую вялікую, што ўлез у яе разам з карэтай, запрэжанай чатырма канямі.
- Пане Каханку любіў распавядаць пра тое, як штурмаваў Гібральтар. Зь ягоных словаў, артылерыя крэпасьці вяла ў наступоўцаў ураганны агонь, аднак князь здолеў на кані прарвацца скрозь град ядраў і картэчы, і ўскочыць на крапасны вал. І тут ён заўважыў, што сядзіць на адной палове каня. Другую адарвала ядром[5].
- Неяк улетку Караль Станіслаў Станіслаў захацеў пакатацца на санках. Дзеля гэтага дзядзінец Нясьвіскага замка быў пасыпаны сольлю і запрэжаны куліг. Адной зь ягоных улюбёных забаваў была наступная: плаціў вяскоўцам, каб залазілі на дрэвы і кувалі, князь браў зброю і страляў ім у «пятую кропку» перцам[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малярства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, па 1767 г.
-
К. Александровіч, 1780-я гг.
-
Паводле К. Александровіча, каля 1795 г.
-
Паводле партрэта аўтарства К. Александровіча
-
Копія з партрэта аўтарства К. Александровіча
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
К. Бэшон, кан. XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
Графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
J. Nothnagel, XVIII ст.
-
J. Nothnagel, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, 1843 г.
-
A. H. Payne, 1850 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
-
Б. Залескі, да 1881 г.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
Папярэднік Цэлястын Чапліц |
Маршалак Сойму Рэчы Паспалітай 1767—1768 |
Наступнік Адам Панінскі Міхал Геранім Радзівіл |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Кароль Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 489.
- ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Кароль Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 490.
- ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. Нарадзіўся Караль (Пане Каханку) Станіслаў Радзівіл
- ^ Slownik folkloru polskiego / Pod redakcja J. Krzyzanowskiego. — Warszawa, 1965. Радзівіл «Пане Каханку». «Гістарычная брама» №1 (21), 2003. Праверана 18 студзеня 2009 г.
- ^ Пане Коханку и все-все-все. Форум «Удел Могултая». Праверана 18 студзеня 2009 г.
- ^ Радзівіл Пане Каханку // «Наша Ніва», 27 лютага 2009.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Karol Stanisław Panie Kochanku Radziwiłł (анг.) Dynasties and Aristocratic Families. Genealogia dynastyczna. Праверана 18 студзеня 2009 г.
|
- Нарадзіліся 27 лютага
- Нарадзіліся ў 1734 годзе
- Памерлі 21 лістапада
- Памерлі ў 1790 годзе
- Ваяводы віленскія
- Ардынаты на Нясьвіжы
- Радзівілы
- Нарадзіліся ў Нясьвіжы
- Асобы Вялікага Княства Літоўскага
- Мечнікі вялікія літоўскія
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Барскія канфэдэраты
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Генэралы Рэчы Паспалітай
- Ардынаты на Алыцы
- Кавалеры ордэна Сьвятога Аляксандра Неўскага
- Кавалеры ордэна Сьвятога апостала Андрэя Першазваннага
- Князі Сьвятой Рымскай імпэрыі (Рэч Паспалітая)
- Масоны
- Памерлі ў Белай
- Пахаваныя ў Фарным касьцёле ў Нясьвіжы